МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).

Т.І.Чаркяўская.

Мінскай жаночай гімназіі будынак.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)